Найбольшая колькасць удзельнікаў будзе з Кітаю — 28 чалавек. Сёлетні конкурс — рэкордны, падкрэслівае Ёанна Багшчанін з Нацыянальнага інстытута імя Фрыдэрыка Шапэна, які арганізуе конкурс.
— Сёлета конкурс сабраў абсалютна рэкордную колькасць удзельнікаў — больш за 600 заявак, 630 калі дакладна. Мы закваліфікавалі 165 чалавек у адборачны тур у Варшаве, а на конкурс звычайна прымаем каля 80. Сёлета выступяць восемдзесят чатыры выканаўцы, пры ўмове, што ўсе прыедуць у Варшаву ў кастрычніку.
Сёлета конкурс выклікае ажыятаж ва ўсім свеце, дадае Ёанна Багшчанін.
— Конкурс дазваляе людзям заўзець за кагосьці з удзельнікаў, рабіць прагнозы вынікаў. Той факт, што цяпер конкурс паказваюць не толькі па тэлебачанні, але на радыё, але і ва ўсіх сацыяльных сетках і інтэрнэце, робіць яго вельмі даступным. Людзі, якія звычайна ім не цікавяцца, магчыма, нават не здольныя цалкам ацаніць музычныя аспекты, больш ахвотна ўдзельнічаюць у сацыяльным вымярэнні.
Польскімі лаўрэатамі і пераможцамі Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Фрыдэрыка Шапэна былі Галіна Чарны-Стэфаньска, Адам Гарасевіч, Крысціян Цымерман і Рафал Блехач. Сёлета ў конкурсе будуць удзельнічаць 13 палякаў. Сярод іх Адам Калдунскі і Міхал Басіста.
— Яшчэ перад стартам у нас ёсць пэўны бонус, калі гэта можна так сказаць. Музыка Шапэна для нас ёсць нечым больш натуральным, можна сказаць. Палякам, магчыма, лягчэй у двукоссі, але на гэтым конкурсе пасля першага і другога раўндаў папярэдняга адбору застаюцца толькі найлепшыя піяністы свету, таму ўзровень вельмі высокі.
Першым на 19-м Міжнародным конкурсе піяністаў імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве выступіць кітайскі піяніст Цзые Тао. Гэта вынік лёсавання. Літару Т, з якой пачнуцца праслухоўванні, выцягнула міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Марта Ценькоўская. Падчас цырымонія адкрыцця ў Каралеўскім замку ў Варшаве міністр падкрэсліла, што конкурс з'яўляецца адной з найважнейшых культурных падзей у свеце.
— На працягу амаль 100 гадоў конкурс не толькі фарміруе гісторыю сусветнай фартэпіяннай музыкі, але стаў польскім брэндам у культуры. Менавіта тут, у Варшаве, пачынаюцца кар'еры піяністаў, якія пазней становяцца амбасадарамі Шапэна і нашай краіны на ўсіх кантынентах.
Увесь час конкурс суправаджае дыскусія нават з удзелам музыкаў пра тое, што найважнейшае ў выкананні твораў Шапэна: дакладнае следаванне традыцыям або прыўнясенне ў выкананне нечага новага і наватарскага, распавёў Польскаму радыё прэс-сакратар Нацыянальнага інстытута імя Фрыдэрыка Шапэна Аляксандр Ляскоўскі.
— Можна сказаць, склалася парадаксальная сітуацыя, таму што мы чакаем, што выконваць Шапэна будуць вельмі прыгожа і традыцыйна, але хацелася б, каб і крышку па-бунтарску таксама. Мы чакаем геніяльных выкананняў, якія будуць натхняць не толькі членаў журы, а таксама аматараў музыкі ва ўсім свеце.
Сёлетні конкурс мае ўнікальны статус, бо адзначае стагоддзе конкурсу, якое выпадае ў 2027 годзе. Гэты юбілей Польшча будзе адзначаць серыяй мерапрыемстваў і праектаў, якія адбудуцца на працягу наступных пяці гадоў. Яны завершацца ў 2030 годзе, зазначыла міністр культуры. З моманту свайго заснавання ў 1927 годзе Польскае радыё расказвала пра кожны конкурс імя Шапэна, нагадвае дырэктар «2-ой праграмы» Пётр Кэндзёрэк.
— Польскае радыё ўсяго на два гады старэйшае за конкурс, сёлета мы адзначаем сотую гадавіну. У «2-ой праграме» Польскага радыё і на хвалях Польскага радыё Шапэну мы будзем трансляваць усё, што адбываецца на конкурсе, ад канцэрта-адкрыцця, праз усе этапы праслухоўванняў, да канцэрта лаўрэатаў, у гуку найвышэйшай якасці. Сёлета трансляцыя будзе з бінаўральным гукам, што дазволіць слухачам адчуць сябе так, быццам яны знаходзяцца ў канцэртнай зале.
Дырэктар Нацыянальнага інстытута імя Фрыдэрыка Шапэна Артур Шкленер, падкрэслівае сувязь паміж конкурсам імя Шапэна і Польскім радыё.
— Пачаткі конкурсу імя Шапэна і Польскага радыё непарыўна пераплеценыя. Польскае радыё — адзін са слупоў таго, што можна назваць культам Шапэна, або прысутнасцю музыкі Фрыдэрыка Шапэна ў Польшчы, не толькі дзякуючы радыёсігналу, калі гучыць славуты паланэз №1 з 40 опуса, але і праз той факт, што Польскае радыё заўсёды было сапраўдным амбасадарам класічнай музыкі, у тым ліку Фрыдэрыка Шапэна. Гэтая сувязь вельмі сімвалічная.
Конкурс імя Шапэна — адзін з найстарэйшых і найбольш прэстыжных конкурсаў піяністаў у свеце. Ён праводзіцца кожныя пяць гадоў у Варшаве. Гэта таксама адзін з нешматлікіх манаграфічных конкурсаў. На ўсіх яго этапах выключна выконваюцца творы аднаго кампазітара — Фрыдэрыка Шапэна.
Польская рэдакцыя Польскага радыё для замежжа/Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч